Выстаўка маляваных дываноў «Вытокі самабытнага мастацтва»

Галерэя «АртХаос»

15 верасня - 2 кастрычніка 2022 г.

 

Шаноўныя сябры!

Другі сезон культурна-спартыўнага фестывалю «Вытокi. Крок да Алiмпу» завершаны. Дакладней – скончылася запланаваная маштабная вандроўка свята па шасці гарадах краіны, але не развіталася з ім наша сталіца. Заўсёдная спадарожніца фестывалю – выстаўка маляваных дываноў «Вытокі самабытнага мастацтва» – з 15 верасня будзе прадстаўлена ў зале мастацкай галерэі «АртХаос».

14

Маляваны дыван (у перакладзе на рускую мову «расписной ковёр») – гэта від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, адзін з відаў размалёўкі. У 1930-1950 х гг. маляваныя дываны былі на сценах амаль у кожнай сялянскай, местачковай ці беднай гарадской хаце. Дываны малявалі звычайна на саматканым ільняным палатне, пафарбаваным часцей за ўсё ў чорны колер. Іншы раз у якасці асновы майстры выкарыстоўвалі паперу альбо цырату. Выконваліся яны адвольнай размалёўкай пэндзлем без папярэдняга нанясення грунту клеявымі ці алейнымі фарбамі. Тэхніка роспісу магла дапаўняцца ўжываннем набіванак і трафарэтаў. Паводле кампазіцыйна-дэкаратыўнага вырашэння адрозніваюць арнаментальныя, арнаментальна-выяўленчыя і сюжэтна-тэматычныя дываны.

1

Сохава Таццяна. Копія работы Я. Драздовіча. 2021 г. 75х100 см, бавоўна, акрыл.

Вядомымі народнымі майстрамі «маляванак» з’яўляюцца Ганна Курыловіч, Алена Кіш, Фёдар Сухавіла, Леаніда Ючковіч, Павел Марціновіч і іншыя. Сярод мастакоў-прафесіяналаў першым да іх стварэння звярнуўся Язэп Драздовіч. У 1970 х гг. мастакі, напрыклад, Алесь Марачкін, Віктар Маркавец, вандравалі па Беларусі, збіралі народныя дываны, рэстаўравалі іх. І ў 1978 г. адбылася Першая рэспубліканская выстаўка народных маляваных дываноў у мінскім Палацы мастацтва.

2

Марыя Вавулава. Копія работы А. Кіш. 2009 г. 90х120 см, палатно, акрыл.

«Маляванка» сваёй даступнасцю і лёгкасцю тэхнічнага выканання, дэкаратыўнасцю і выразнасцю формаў, лаканічным і ясным выказваннем ідэі не толькі значна паўплывала і працягвае ўплываць на розныя віды выяўленчага мастацтва, але і сама яна не знікла. Сучасныя мастакі, студэнты мастацкіх ВНУ, натхнёныя чароўнымі ўзорамі народнага мастацтва, ствараюць уласныя творы, ладзяць выставы.

Паступова з вясковых хат маляваны дыван перабраўся ў новы для яго свет: выставачныя залы, музеі, мастацкія галерэі. Увайшоў ён туды з народнымі мастакамі ў традыцыйным абліччы, а выйшаў абноўленым плеядай мастакоў рознай адукацыі і густу, кожны з якіх дадаў у кананічную, здаецца, маляванку сваю інтанацыю. І яна стала другой, бо другім стала яе жыццё. Цяпер яна арганічна ўпісваецца ў сучасны грамадскі і прыватны інтэр’ер.

Мастацтвазнаўца Ксенія Ціханава


Дата публикации: 16.09.2022