Выстава жывапісу «Каляровыя гісторыі»

КЗ «ВІЦЕБСК»

14.07 - 28.07.2021 г.

 

Кожны мастак крыху чараўнік. Яму падуладны час, які спыняецца ў творах. Ён у стане паўплываць на настрой і пачуцці гледача: прымусіць яго ўсміхнуцца, прызадумацца або насцярожыцца, адчуць святло, утульнасць, летнюю прахалоду або марознае паветра. Мастак – містыфікатар. Ён ажыўляе камень, ператвараючы мармуровую халодную глыбу ў цёплае чалавечае цела. Мастак здольны на многае і, у залежнасці ад прафесійнай скіраванасці, ён дасягае сваёй мэты, дзякуючы шэрагу тэхналагічных прыёмаў і асаблівасцей, характэрных для кожнага віду мастацтва. У жывапісе адзін з іх – колер.

Мастацкая галерэя «АртХаос» у рамках фестывалю «Славянскі базар-2021» прадстаўляе гледачу выстаўку жывапісу «Каляровыя гісторыі». Зыходзячы з назвы выстаўкі, становіцца зразумела, што кожнае палатно аўтара або серыя яго работ – гэта нейкая гісторыя, якую ўбачыў ці прыдумаў мастак.

Сутыкаючыся з мастацкім творам, мы часта задаемся пытаннем: што хацеў паведаміць нам аўтар? Якое пасланне ён хацеў перадаць? Жаданне расшыфраваць загадку – напэўна, адна з асноўных прычын, якая прымушае нас спыніцца і ўгледзецца ў плоскасць палатна.

У свеце мастацтва ўжо даўно існуе думка: глядач у творчым працэсе займае такое ж важнае месца як сам мастак і яго твор. Менавіта гледачу адводзіцца роля генератара ідэй, як чалавеку, які асабіста кантактуе з работай мастака, успрымае мастацтва і прапускае яго праз сябе. Таму вельмі часта можна пачуць пра сутворчасць мастака і гледача. Усё гэта так, усё правільна. Аднак адказ на пытанне «што хвалявала аўтара?» часам можна і не знайсці, а твор успрыняць і інтэрпрэтаваць па-свойму, што не азначае – не правільна, а проста па-іншаму. Тым не менш цікаўнасць да крыніцы, якая заахвоціла чалавека стварыць менавіта гэтую работу, усе роўна застаецца.

Выстаўка «Каляровыя гісторыі» дае слова аўтару, каб ад першай асобы расказаць гледачу пра тое, што стаіць за стварэннем кожнага палатна.

У экспазіцыі прадстаўлены творы Ягора Батальёнка, Міколы Бушчыка, Таццяны Грыневіч, Міколы Ісаёнка, Віктара Каралёва, Алега Скавародкі.


Дата публикации: 14.07.2021