Светасофія жыцця

Галерэя "АртХаос"

23 студзеня - 5 лютага

 

Мастацкая галерэя “АртХаос” запрашае наведаць у новым годзе выставу Марыі Ісаёнак “Светасофія жыцця”.

2

Назву выставы аўтар дае не выпадкова, “светасофія” – гэта нейкі сімбіёз слоў “святло” і “філасофія”. Душэўныя нацюрморты і лірычныя пейзажы Марыі нясуць асаблівую філасофію жыцця, заклікаюць гледача задумацца пра павольны ход часу, пра няспешны рух жыцця, з усімі яго чароўнымі момантамі, падумаць пра вечнае.

Кожны твор Марыі нібы працяты цёплым, мігатлівым святлом. Гэта святло напаўняе нашыя сэрцы любоўю. Любоўю да жыцця, да людзей. Цудоўна адыходзячае імгненне. Каштоўна кожная хвіліна. Мастачка прапануе адчуць настальгію, успомніць дзяцінства, дарагіх сэрцу людзей і захаваць ў памяці прыемныя асацыяцыі, усміхнуцца цёплым успамінам.

3

4

5

“Мая выстава складаецца з работ, напісаных у розны час. Гэта маленькія іскрынкі майго жыцця. У творах усё, што я любіла і люблю. Круглы стол, які збірае сям’ю і сяброў. Матуліны абрусы. Яны заўсёды зачароўваюць мяне сваёй яркасцю і умелым, гарманічным спалучэннем колераў. І гэтыя абрусы заўсёды былі штуршком для стварэння маіх кампазіцый... Гэта эмацыйны ўсплёск. Гэта вобраз, без якога ўсё здавалася бясколерным і банальным. Садавіна, якой мне так не хапала ў дзяцінстве, – яркі кавалачак сонейка. А яшчэ бягучае святло, без якога ўсё здавалася мёртвым. І памяць дзяцінства. Водары траў, суніц, возера... Я заўсёды ўлюблялася ў кветкі, якія сама расціла, у людзей, якія мяне акружалі. З мужам Мікалаем мы пісалі шмат пейзажаў з натуры. Я заўсёды адчувала сваю недасканаласць. Свет такі прыгожы. Яго паўтарыць немагчыма. Можна толькі стварыць свой свет. І ён таксама непаўторны”.

Марыя Ісаёнак

6

Марыя Ісаёнак нарадзілася ў 1949 г. у вёсцы Кісялі Гарадоцкага раёна Віцебскай вобласці. У 1969 г. скончыла Мінскае мастацкае вучылішча (цяпер Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж ім. А. К. Глебава).

Сябра Беларускага саюза мастакоў.

Імя Марыі Ісаёнак ўнесена ў слоўнік Кембрыджскага біяграфічнага цэнтра (Англія).

Творы Марыі Ісаёнак знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, у фондах Міжнароднай канфедэрацыі Саюза мастакоў (Масква), Беларускага саюза мастакоў, у Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўным мастацкім музеі г.Чунцын (КНР), у прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Англіі, Германіі, Ізраіля, Італіі, Літвы, Нідэрландаў, Польшчы, ЗША, Кітая.

Выстава працуе з 23 студзеня па 5 лютага 2020 г.

З 10.00 да 22.00, штодня

Уваход вольны


Дата публикации: 15.01.2020